Новости проекта
Отвечаем на ваши вопросы!
Важные моменты в Инструктивно-методическом письме
Новинка! Отчеты по ведению электронного журнала
Конкурс продолжается!
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 2 человека

Фольклорный праздник “Цярэшка і Шчодра”

Дата: 17 января в 17:54

                             Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Хракавіцкі дзіцячы сад”

                                                         “Цярэшка і Шчодра”

                     ( фальклорнае свята для дзяцей з выкарыстаннем народных абрадаў )

Музычная зала ўпрыгожана саматканымі дыванамі, ручнікамі. Стаяць лавы, святочны стол. Гучыць музыка ( грамзапіс). У залу ўваходзіць гаспадар “ Цярэшка”.

Цярэшка: Прывітанне, людзі добрыя!  А дзе ж гэта мая гаспадыня? Вось гасцей ўжо поўная хата, блінкі падышлі.  Шчодра, дзе ты падзелася?

( кліча гаспадыню).

Шчодра: ( выбягае з-за дзвярэй)

Іду-у! Бягу! Прывітанне, людзі добрыя! Як тут мае блінкі? Мабыць, ужо падышлі? Трэба на стол збіраць. Сёння свята Каляды. Можа  і да нас калядоўшчыкі завітаюць, не мінуць нашу хату.

( Шчодра і Цярэшка пачынаюць збіраць на стол святочныя стравы).

Шчодра: Сена – саломкі пасцялю на добры ўраджай. А зараз, дзеткі, давайце паварожым ( запрашае дзяцей да сябе і прапануе цягнуць саломінку). Хто доўгую саломінку выцягне, той вялікі вырасце, а хто кароценькую – у таго ўсе жаданні ў новым годзе збудуцца.

Цярэшка: ( падбягае да Шчодры)

О, мая ж ты бабулька,

Я твой дзядулька!

Хоць жа павалюся,

За табой паганюся.

Хоць я ножку зламлю,

А цябе злаўлю  ( Шчодра хаваецца. Затым пытаецца)

-Ці бачыш ты мяне?

- Не бачу!

- Каб жа ты не бачыў за стагамі, за вазамі, за снапамі свету!

(Пасля ў Шчодры пытае Цярэшка)

- А ці бачыш ты мяне , Шчодра?

- Не бачу!

- Каб жа ты не бачыла за гуркамі, за гарбузамі, за капустаю, за буракамі свету!

Шчодра: Каб твае словы да праўдаю сталі! Ну вось – усё гатова.

( Цётка Шчодра, дзядзька Цярэшка сядаюць на лаву. Спяваюць песню “Чаму ж мне не пець”. Нечакана чуецца стук у акенца.)

Цярэшка: Шчодра, гэта ж , мусіць, калядоўшчыкі просяцца ( Шчодра расчыняе дзверы. У залу уваходзяць калядоўшчыкі – дзеці старэйшай групы, дорослыя).

Дзеці:

Добры вечар таму,

Хто ў гэтым даму.

Нам не хочацца чакаць-

Загадай калядаваць.

Шчодра: Калядуйце, любыя! Калядуйце, даражэнькія!

( усе калядуюць):

Шчодрык – педрык, дай варэнік,

Грудку кашкі, наверх каўбаскі,

Рэшата аўса, а на верх каўбаса,

А яшчэ таго мала, дайце кусок сала,

А яшчэ й тое данясу, дайце цэлу каўбасу.

Добры вечар!

Дзеці ( па чарзе):

- Добры вечар, гаспадару!

- Вынесі нам каўбас пару!

- Вынесі сала – не скупіся,

- Каб твой ячмень урадзіўся,

- Каб нажалі сто коп жыта,

- Каб сям'я была ўся сыта,

- Каб скацінка вадзілася,

- Каб пшаніца радзілася!

(Дарослыя):

- Ці шырокія сцены, каб нам патанцаваць?

-Ці добрая гаспадыня, каб нас пачаставаць?

Шчодра:

Гаспадыня добрая і нават шчодрая,

Але ж за што вас частаваць?

Трэба песню заспяваць!

( гучыць песня “Запражыце сівых коней)

Цярэшка:

Чую блізка стук капыт,

Гэта конік чый бяжыць?

На каляды госць ідзе,

Байкі, смех сюды вязе.

(Гучыць грамзапіс цыганскай мелодыі. У залу заязджае цыган на кані. Аб’язджае залу, спыняецца).

Цыган:

Прывітанне, людзі добрыя! (Зноў едзе па зале і падае з канём).

-Ох, і спрытная ў мяне кабылка, як бяжыць – дык бяжыць, а паваліцца- дык ляжыць і ляжыць.

( Шчодра і Цярэшка дапамагаюць Цыгану. Але конь не можа ўстаць. Раптам чуецца як раве мядзведзь, потым ён з'яўляецца сам, кідаецца да цыгана. Конік спрытна падымаецца, адскаквае ў бок).

Цыган:

Дзякуй, Мішка – мядзведзь, дапамог кабылку падняць. Чым жа мне цябе пачаставаць? ( пачынае шукаць па кішэні).

- Я Цыган багаты,

У мяне ў адным кармане вош на аркане,

А ў другім – блыха на ланцугу.

( Нарэшце знаходзіць кавалачак цукру, дае мядзведзю, той есць і зноў раве).

Цыган:

Гэй ты, Мішка – мядзведзь,

Ну не трэба так равець.

Ты гармонічак бяры,

Ды сыграй для дзетвары.

Цярэшка:

А я дудачку вазьму
Ды табе дапамагу.

( Гучыць грамзапіс, усе танцуюць. Пася заканчэння танца Цыган збіраецца ў дарогу).

Цыган:

Будзьце, дзеткі, здаровы,

Як рыжык баровы!

Майце, дзеткі, павагу ў свеце,

Усяго даволі, а бяды ніколі!

( Мядзведзь зноў раве і кідаецца за Цыганам . Той з лямантам выскаквае. Дзеці выконваюць песню” Ой, ішла Каляда , калядуючы”.

Пасля заканчэння песні гучыць грамзапіс. У залу ўваходзіць Павадыр з Казой).

Павадыр:Добры вечар вам! Ці рады вы нам?

Шчодра:Мы рады, але хто вы такія?

Павадыр:

Мы люд не просты, з далёкага краю.

Ідзём кругом света,

Аж да пана Лета.

Мы з лету ідзём,

Казу вядзём і радасць нясём!

А ну, Каза, паскачы!

( Гучыць грамзапіс. Каза скача).

Каза:

Я Каза -  барада,

Я пабегла ў вёску,

Ды купіла коску.

Дзеці:  Нашто коска?

Каза:Сена касіць.

Дзеці: Нашто сена?

Каза:Каровак карміць.

Дзеці:Нашто кароўкі?

Каза:Малачко даіць.

Дзеці: А нашто малачко?

Каза:Дзяцей паіць.

Дзеці: А нашто тыя дзеці?

Каза:Каб іх лавіць.

( Дзеці ўцякаюць. Каза іх ловіць).- 3 разы.

Шчодра: Адкуль гэта Каза?

Павадыр:На кірмашы купіў. Семсот  грошаў заплаціў.

Шчодра: А дзе  сам так навучыўся?

Павадыр:

Па ўсім свеце ходзячы,

Торбу хлеба носячы,

Між людзей бываючы,

Дзівы дзіўныя відаючы,

Розныя кнігі чытаючы

Уверх нагамі трымаючы!

( Шчодра і Цярэшка на развітанне частуюць Павадыра і Казу).

Павадыр:

А вы здаровы бывайце, ды праз год нас чакайце.

Шчасця ды долі, а гора – ніколі!

Шчодра:

Сёння тут на нашым свяце,

Трэба добра паскакаці!

Свята, свята Каляда,

Весялей цябе няма!.

( Гучыць беларуская народная “Полька”. Музыка сціхае, выходзіць Шчодра).

Шчодра:

Сонца павярнула на год новы, на шчасце светлае. Перакуліўся год, каб зноў усходзіла жыта і зіхцелі ўсмешкі, каб вяршылася праўда і рунела дабро. Давайце засеем Новы год, новыя надзеі! Засеем, як спрадвеку засявалі нашы продкі жыта – жыццё!

( Адбываецца сімвалічнае засяванне са словамі : “ Сею, сею, пасяваю. З Новым годам ўсіх вітаю”).

Дзеці:

- Стары  год канчаем, новы пачынаем,

З ранняю вясною, з буйнаю расою,

З жытам залацістым, з зернем ядраністым,

Ды з прыемным летам,

Ды з громам пры гэтым.

Ды з восенню яснай,

Ды з долечкай шчаснай!

Цярэшка:

Калядоўшчыкаў трэба шанаваць.

Блінамі смачнымі, блінамі гарачымі частаваць.

( Гучыць музыка. Усе частуюцца блінамі, чаем, садавінай,сладасцямі.).

  

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.